А́НГЛА-МАЙСУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,
вяліся англ. Ост-Індскай кампаніяй дзеля захопу інд. княства Майсур. У выніку першай (1767—69) і другой (1780—84) англа-майсурскіх войнаў Майсур захаваў сваю незалежнасць. У трэцяй англа-майсурскай вайне (1790—92) англічанам удалося перацягнуць на свой бок войскі маратхаў і княства Хайдарабад. Паводле Серынгапатамскага міру 1792 майсурцы аддалі саюзнікам амаль палавіну сваёй тэр., заплацілі кантрыбуцыю. У чацвёртай англа-майсурскай вайне (1799) англічане штурмам узялі сталіцу майсурцаў Серынгапатам і ператварылі Майсур у васальнае княства англ. кампаніі.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)